СЛО́НІМСКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ РЭЗІДЭ́НЦЫЯ,
установа ордэна езуітаў у г. Слонім Гродзенскай вобл. Спробы ўтварэння місіі пачаліся ў 1664—65. У пач. 18 ст. зямельныя наданні слонімскім езуітам рабілі жмудскі кашталян А.Уніхоўскі, муж і жонка Талаканскія, М.Кошчыц, пробашч Віленскай кафедры ксёндз П.Палубінскі. У 1709—25 вядома як місія Навагрудскага езуіцкага калегіума, у 1725—73 — рэзідэнцыя. Драўляны касцёл св. Іосіфа ўзведзены ў Слоніме ў 1713—15, другі мураваны будаваўся з 1740 (не быў завершаны). Пры місіі дзейнічалі школы: граматыкі (з 1713), паэтыкі і рыторыкі (з 1714). У 1736 пры рэзідэнцыі створана школа філасофіі, з 1750 вывучаліся гісторыя і матэматыка. Меліся муз. бурса, канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты, б-ка. У розны час місіі і рэзідэнцыі належалі маёнткі Вішава, Грынкі, Дабосня, Шулякі, дзейнічалі місіі ў Ваўкавыску і Дабосні. Пасля скасавання рэзідэнцыі школа пераўтворана ў пав. вучылішча. Будынкі не захаваліся.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 15, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)